У Еўропе новы агмень хваробы, а ў Кітаі эпідэмія сціхае. Кітайскія ўлады прапануюць свету дапамогу ў барацьбе з хваробай, ды нахвальваюць сваю сістэму кіравання.
Эпідэмія новага віруса выбухнула ў Кітаі прыканцы снежня. У адказ кітайскія ўлады ўвялі вельмі суворыя абмежаванні ў краіне, каб спыніць распаўсюд хваробы. Цэлая краіна спыніла актыўнасць і пайшла на каранцін. У выніку ў Кітаі агмянём хваробы стала адна правінцыя Хубэй і сталіца Ухань. Агулам на каранавірус захварэла каля 81 тысячы кітайцаў. 3111 чалавек памерлі, амаль 56 тысяч ачунялі. На пачатку сакавіка колькасць новых захворванняў змалела. Кітайскія ўлады заявілі, што яны перамаглі хваробу і пачалі зварочваць каранцін.
Зыходным пунктам стаў прыезд старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў аўторак 10 сакавіка ў эпіцэнтр распаўсюджання каранавіруса горад Ухань. Кітайскі правадыр паведаміў, што прыехаў праверыць працы па пераадоленні эпідэміі ў Хубэі, дзе заявіў, што распаўсюд каранавіруса практычна спынены.
- Кітайскі народ вядзе цяпер вельмі сур'ёзны бой супраць эпідэміі. Для кітайскага кіраўніцтва заўсёды на першым месцы ёсць бяспека ды здароўе народа. Цяпер гэта галоўная задача для краіны.
Пасля гэтага кітайскія лекары пачалі ўрачыста здымаць маскі, гарадскія ўлады зачынілі 11 часовых шпіталяў, якія выкарыстоўваліся для лячэння пацыентаў хворых на каранавірус. Гараджане масава дзякавалі ўладзе, хаця не абышлося без крытыкі.
На вуліцы гораду выйшлі жыхары з плакатам «Мы хочам есці мяса». Людзі выказалі незадавальнне доўгай блакадай ды мізэрным рацыёнам у крамах. Канец эфекту - незадавальненне патанула ў моры радасці. Афіцыйнае друкаванае выданне ЦК Камуністычнай партыі Кітая газета «Жэньмінь Жыбао» ужо 12 сакавіка запрасіла аптымістычна наведаць Шанхай, дзе адчыніліся паркі, турыстычныя цікавінкі, кніжныя крамы ды 588 стадыёнаў.
Пры гэтым у «ачуняўшы ад каранавіруса Кітаі» таксама шмат усяго змянілася. Дэзынфекцыі сталі паўсядзённасцю. Асабліва ў грамадскім транспарце, кажуць працаўнікі аднаго з шанхайскіх аўтапаркаў.
– Мы карыстаемся як традыцыйнымі метадамі дэзынфекцыі, так і сучаснымі ўльтрафіялетавым апраменьваннем закрытых памяшканняў. Гэта вельмі эфектыўна, эканоміць час, сродкі ды забівае 99% бактэрый.
Сучасныя мабільныя прыкладанні кантралююць перасоўванне людзей і час знаходжання на каранціне. "Ваш каранцін не скончыўся. Вы ня можаце ўвайсці". Такія словы пачула жанчына, што прыехала з іншай правінцыі, калі хацела зайсці ў краму.
Таксама адчуваецца насцярожанасць у грамадстве, у першую чаргу да замежнікаў. Іх абавязваюць праходзіць каранцін па прыездзе і не заўсёды пускаюць унутр розных установаў. Напрыклад, жанчына паскардзілася ў сацыяльных сетках, што яе не пусцілі паесці ў рэстаран.
- Мая сямʼя ўнутры, яны палуднаюць, бо яны кітайцы. Я ж засталася звонкі, бо я чужынка.
У сваю чаргу афіцыйны Пекін ужо хоча выкарыстаць гэтую сітуацыю ў знешнепалітычных мэтах – для папулярызацыі ды прасоўвання кітайскай мадэлі ў свеце. Цытаваная вышэй урадавая газета выпусціла артыкул, у якім заклікае чалавецтва яднацца вакол Кітая для развіцця і барацьбы з пагрозамі.
- Пнеўманія COVID-19 яшчэ раз нагадала нам, што на шляху развіцця свету нас чакаюць і надзеі, і выклікі. Усе краіны павінны згуртавацца, умацаваць упэўненасць, супрацоўнічаць рука аб руку, умацоўваць абарончую лінію ўсяго свету для процідзеяння рызыкам за кошт сілы развіцця, павышаць здольнасць да вырашэння праблем за кошт вынікаў развіцця і імкнуцца да таго, каб вынікі развіцця сапраўды прыносілі карысць большай колькасці краін і народаў.
Гэтыя словы знаходзяць водгук у Еўропе. Адзін з еўрапейскіх дыпламатаў нават напісаў, што амерыканская дэмакратыя прайграе кітайскаму камунізму, і што Еўропа павінна перагледзець свае стаўленне да Кітая. З перспектывы Пекіну важна крыху іншая справа, кажа эксперт па Кітаі Радаслаў Пыфэль.
- Як бы парадаксальна не гучала, але Кітай цяпер ня столькі зацікаўлены прасоўваннем сваёй мадэлі, колькі зменай іміджу Кітая, што вірус зʼявіўся ва Ухань. Ідзецца, каб стварыць перакананне, што ён трапіў у Кітай з іншага месца. Гэта важна цяпер для Кітая.
Справа прасоўвання кітайскай мадэлі далёка не закрытая, гледзячы на тое, што дзеецца ў эканоміцы. На Захадзе індэксы фондавых рынкаў працягваюць падаць. Так, прамысловы індэкс Доў Джонс (Dow Jones) заваліўся большы чым на 1100 пунктаў. Гэта трэцяе па памерах падзенне індэксаў пасля 1929 і 1989 гадоў.
У гэты ж час у Кітаі вытворца электрамабіляў BYD стаў найбуйнейшым у свеце вытворцам медычных масак. Кітай накіраваў самалёт сваіх масак ды лекараў на дапамогу Італіі.
Юры Ліхтаровіч